МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,
«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.А.Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад ўрада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.А.Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.
Літ.:
Восстание в Москве 1682 г.: Сб. док. М., 1976.
т. 10, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)